Home
Сучасная беларуская паэзія [entries|archive|friends|userinfo]
supolka

[ userinfo | livejournal userinfo ]
[ archive | journal archive ]

Сябры! [Aug. 7th, 2007|09:56 am]

Давайце развіваць гэты дзённік разам!
Калі вы пішаце вершы альбо гэта робяць вашыя знаёмыя, дасылайце гэтыя творы на адрас supolka@km.ru.
Магчыма яны будуць надрукаваны і абмеркаваны тут.
Дасылайце таксама якасныя творы нашых класікаў, у якіх набліжаюцца юбілейныя даты.
Прыводзьце ў дзённік якаснай сучаснай беларускай паэзіі сяброў!
Чакаем вашых прапановаў!

LinkLeave a comment

НАСЦЯ МАНЦЭВІЧ [Apr. 7th, 2006|04:45 pm]
НАСЦЯ МАНЦЭВІЧ. ВЕРШЫ

Частавалі нас кавай 

ветліва і ласкава, 

налівалі гарэлку... 

ці то ангельскі ром? 

У кафэ ля “Ла Скала” 

лашчыла-мілавала, 

ўзбунтаваўшы суседзяў 

справа 

каленку яе пад сталом. 




Link2 comments|Leave a comment

Жыве! [Apr. 4th, 2006|09:49 am]

ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Link3 comments|Leave a comment

АЛЕСЬ РАЗАНАУ [Sep. 10th, 2005|01:26 pm]
Алесь Разанаў.
Версэты.

Вобразы вабяць усьлед за сабой,
але памкнуся за iмi — i iх растворыць
прастора: магчыма, яны проста птушкi,
якiя адводзяць таго, хто iдзе, ад сваiх
затоеных гнёздаў.

Заблытаныя сьцежкi, якiя вядуць i на ўсход,
i на захад, але на кожным кроку, усюды,
ад iх падымаецца стромкая вышыня, i,
падымаючыся над сабою, становiцца
розумам цела, i, падымаючыся над сабою,
розум становiцца ўсёразуменьнем, якое,
нiбы ваданосныя жылы, сабой насычае i
жывiць кожнае слова i кожны крок.

Чалавек — гэта два чалавекi, як дзьве
далонi, што лепяць суладна сьнежку цi
перакiдваюць, каб утрымаць, жарыну:
адзiн з iх — пачатак, другi — завяршэньне,
адзiн з iх — выток, i другi — суток,
адзiн з iх — прычына, другi з iх — вынiк,
адзiн з iх — пытаньне, другi — адказ,
а памiж iмi цякуць, вынiкаючы з iх
i ўпадаючы ў iх сусьветы.

Усё, што кранае мяне, падобнае на мяне.
Ня скончаны дзень тварэньня: зноўку i зноў
вылеплiвае чалавек сваю лепшую
долю.
Дзелiць мяне прастора, зьядноўвае час.
Калi чалавек сустрэнецца з чалавекам?
У безданi памяцi мглiцца бяссонны лiхтар.

Пачакай, памарудзь, адпусьцi жаданьне —
i ты перастанеш быць часткай, нацэленай супраць усiх,
i вернуцца да цябе тыя птушкi, якiя ня ловяцца,
калi iх ловiш, якiя хаваюцца, калi iх шукаеш,
i ты пачуеш: у кожнай птушкi —
твой голас, i ўбачыш: у кожнай птушкi —
твой твар.
Link2 comments|Leave a comment

ЗАРАСЛАВА КАМІНСКАЯ [Jul. 16th, 2005|02:44 pm]
Гэта не паэзія, але я не магу гэта не змясціць! Мне вельмі спадабалася!

Зараслава Камінская
"Каб любіць Беларусь". Фрэска

Учора зноўку ішла па вуліцы з шэрымі дамамі-каробкамі, спадчынай савецкага часу, і каля новай, пераробленай па еўрастандартах, крамы ўбачыла жаб­рака. То быў стары мужчына, мабыць, пенсіянер, які саромеўся нават працягнуць руку – проста трымаў поліэтыленавы мяшэчак і картонны ліст з надпісам, чамусьці па-беларуску: “Памажыце”. А крама ў гэты час “работала круглосуточно” і “сердечно приглашала”...

Трэба быць моцным. Каб любіць Беларусь.

Сёньня быў урок беларускай літаратуры. Зноў пе­ра­казвалі крытыку, бо ўласныя думкі ня лічацца вар­тымі ўвагі. І няўжо нельга не прапагандаваць ідэалогію ў школьных падручніках і падбіраць цікавейшыя творы? Бо ствараецца ўражаньне, што вывучаецца ўсё, абы было напісана па-беларуску. Але і гэта здаецца ня надта дрэнным, калі прыходзіш на ўрок беларускай гісторыі і слухаеш доўгі, пераважна на трасянцы, пераказ старонак падручніка.

Трэба вучыцца самастойна. Каб любіць Беларусь.

Нядаўна стаяла на месцы, дзе знаходзіўся полацкі сабор Сьвятога Стэфана. Яго ўзарвалі ў 1964 годзе, бо ён “псаваў выгляд” мясцовым жыхарам. Кіраўніцтва гораду пасьля выдзеліла 40 тысячаў рублёў, каб вывезьці сьмецьце. Цяпер тут жылы дом з крамаю і кавярняю на першым паверсе. У гэтай кавярні дэфіцыт кіпеню і блакітныя пластмасавыя лыжкі, якія каштавалі 3 капейкі...

Трэба помніць усё. Каб любіць Беларусь.

Глядзела перадачу пра Амерыку. Тэлевізар сьпяваў пра камфорт, уласныя аўтамабілі, медыцынскую страхоўку, адрамантаваныя дарогі, багатых фермераў, агульны экзамен пасьля школы, гімн, вядомы кожнаму грамадзяніну, і сьцяг, якім усе ганарацца. Туды мараць эміграваць шмат знаёмых, сябры жадаюць застацца тут...

Трэба зайздросьціць. Каб любіць Беларусь.

Часта гуляю з сабакам, істотай небясьпечнаю, бо заўсёды жадае палезьці ў бойку з сабе падобным. Мы жывем на ўскраіне гораду, побач з вёскай, дзе шмат вартавых сабакаў, якія сядзяць на ланцугах і чакаюць злодзеяў. І я заўжды баялася, што мая занадта сьмелая пачвара пачуе выцьцё і ўцячэ, каб пагрызьціся з іншымі пачварамі. Але вясковыя сабакі брэшуць і ўначы, і ўдзень, ды Тарас не зьвяртае на іх ніякай увагі, яго больш цікавіць уласны хвост...

Трэба ня быць на ланцугу. Каб любіць Беларусь.

Гляджу на круты, падобны на лоб маладога шчанюка, бераг Дзьвіны. Самой ракі не відаць – зіма схавала яе пад гладкі, бы магільны камень, і такі ж халодны, лёд. А наверсе – блякла-сіняе палінялае неба і чырвань галінаў, і хтосьці нябачны трусіць на зямлю белую кастрыцу. Гэта толькі здаецца, што хвалі сьпяць. Але чутны іх подых, шалёны шэпт, і бачны ўжо трэшчыны на магільным камяні. І дарэмна галосяць званы, бо прыйдзе вясна, абавязкова прыйдзе.

Я стаю на беразе Дзьвіны і гляджу ў невядомую, туманную далечыню... А над маёю зямлёю – мо аблокі, мо шызыя крылы анёлаў.

У нас няма нічога, акрамя магілаў, але мы іх ня вартыя. А трэба быць вартымі. Каб любіць Беларусь.
Link3 comments|Leave a comment

УЛАДЗІМІР НЯКЛЯЕЎ [May. 7th, 2005|05:58 pm]
Уладзімір Някляеў
Паланэз. Паэма

1
Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку —
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай...

Бывай, Яблонская, бывай!
Я застаюся па-за рамай
Карціны, што праз дождж відна:
Раяль, камін — і ты адна,
Стамлёная любоўнай драмай,
З бакалам белага віна...

Апошні раз прыгубіць дай —
Заторгні на карціне шторы!
Я кінуў твой пякельны рай,
Грукоча ў ночы поезд скоры:
Бывай, Яблонская, бывай!

Ня стаў бакал на самы край!
Сьвятло і цень дрыжаць падманна —
І ўсё разрывіста, туманна...
Цалую рукі, ясна панна,
Бывай, Яблонская, бывай!

Ад клавіш рук не адрывай!
У сьвеце, дзе вішчыць жалеза,
Пранізьліва гучыць няхай
Акорд апошні паланэза —
Бывай!


2
Ja kocham cie...”
Ва ўсіх краях,
Спрасоньня блытаючы мовы,
Я гэтыя пустыя словы
Знаходзіў лёгка на губах:
“I love thou”,
“Я люблю вас”,

“Ах!” —
І галаву кружыла п’яна,
І новымі духамі пах
Сюжэт банальнага рамана.

Я выдумляў яго, як мог...
А тут прыйшлі, каб выдумляцца,
Усе...
І плыў паркет з-пад ног,
І глухла зала ад авацый!..

Яблонская! Ня дай нам Бог
Хоць раз яшчэ ў жыцьці спаткацца!


3
“Я рада вас спаткаць...”
“Вы рады?..”

Прэм’ера.
Вайдаў фільм бяз Вайды.
Міцкевіч з Францыі лісты
Чытае Польшчы ўсёй... Масты
У часе зводзяцца...

На сцэне
Акцёры... Кветкі Тэлімэне,
Якую не сыграла ты —
Саперніцы яе прайграла...

Як на цябе зірнула зала!
Яблонская! Як ты стаяла
Супроць усіх!..
Саперніц мала
Табе на сцэне і ў жыцьці...

Руку маю, што спагадала,
З пляча ты скінула:
“Пусьці!”


4
— Як “Пан Тадэуш” вам?
— Ніяк.

Пустых размоў пусты скразьняк.

— Вы не паляк?
— Літвін.
— Вы з Вільна?

Бамонд. Ківае фраку фрак —
І звоніць тэлефон мабільны:
“Не, сёньня не...
Чаму так сьпешна?..”
Мы ўжо ўдваіх сярод усіх,
Мы ўжо адчулі млосны міг
Спатканьня двух жаданьняў грэшных...

“Аліцыя чытае вершы
Грудзьмі. Нібыта корміць іх”.

Ах, мы акцёры! Брава, брава!
Як ні хітруй, а праўда ў тым,
Што ўсе мы хворыя адным:
Нам едкі дым — чужая слава,
Ну, а свая — салодкі дым.


5
— Пайшлі.
Тут скрозь на тварах грым...
— Я тут свая...
— Але з чужым.
— Я не зьбягаю ад паразы!
“У, ганарыстая, зараза...”

А трэба йсьці было адразу,
Пакуль, як рыбіну ў траву,
Ня кінула мяне ад фразы:
“Пра Польшчу фільм, а не Літву,
І мог Літву ня згадваць Вайда”, —
І ў бок мой — зырк!..

І вадаспадам
Шаленства ў скроні:
“Ну, ка-злы!”

Ска-а-ндал...

— Сказаць, на што ты злы,
З чаго твой форс, адкуль бравада?..
Нідзе Літвы тваёй няма!
А Польшча ёсьць! І гэта праўда,
Бо Польшча ёсьць — як я сама!

— Няма Літвы!?.
Мяне няма?..

— Я рада быць з табой!
— Ты рада?..

На сьцежку восеньскага сада
Ступіла першая зіма.
Link1 comment|Leave a comment

Прывіт! [May. 7th, 2005|05:56 pm]
Гэты дзённік спецыяльна для якаснай сучаснай беларускай паэзіі. У яго межах будуць размешчаны тыя творы, якія на маю думку, ужо з'яўляюцца яскравымі здабыткамі нашай найноўшай літаратуры, а ў перспектыве, без перабольшвання кажучы, увойдуць у скарбонку і ўсяго сусветнага мастацтва!

У рамках дзённіка знойдуць адбітак і творы самых маладых беларускіх літаратараў, якія робяць яшчэ толькі першыя крокі на шляху да сапраўднай творчай магутнасці, а таксама нейкія вартасныя крытычныя развагі пра літаратуру.

Пакідайце тут, калі ласка, свае каментары, дасылайцу ўласныя творы і крытычныя артыкулы!
Link2 comments|Leave a comment

navigation
[ viewing | most recent entries ]